100 год са дня нараджэння Васілевіч Алены Сямёнаўны

Источник фото: gb9.csgpb.by

22 снежня 2022 г. спаўняецца 100 гадоў са дня нараджэння Васілевіч Алены Сямёнаўны, беларускай пісьменніцы, заслужанага работніка культуры (1977).  Нарадзілася  ў вёсцы Ліпнікі  Слуцкага раёна  ў сям’і  ляснога аб’ездчыка. Пасля заканчэння сямігодкі паступіла вучыцца ў Слуцкае педагагічнае вучылішча. Пасля другога курса падала заяву ў Рагачоўскі настаўніцкі інстытут на літфак. У чэрвені 1941 года закончыла інстытут. Тут яе напаткала вайна. Пасля вызвалення Мінска вярнулася на радзіму, была залічана студэнткай 3-га курса філалагічнага факультэта БДУ, які скончыла ў 1946 годзе. Выйшла замуж і паехала ў Курск, дзе жыла чатыры гады. Працавала літкансультантам у кніжнай рэдакцыі абласнога выдавецтва. У 1950 годзе вярнулася ў Мінск. Дваццаць два гады  (1950 -1972) была супрацоўніцай, потым загадчыцай аддзела культуры часопіса “Работніца і сялянка”.  З 1972 па 1981 год Алена Васілевіч загадвала рэдакцыяй  юнацкай літаратуры выдавецтва “Мастацкая літаратура”, а ў 1981-1983 гадах – рэдакцыяй літаратуры для юнацтва выдавецтва “Юнацтва”. З 1983 года на пенсіі.

У літаратуру Алена Васілевіч прыйшла як празаік. У 1946 годзе напісала першую празаічную рэч – невялікую аповесць “У прастор жыцця”. Аповесць была надрукавана ў 1-м нумары часопіса “Беларусь” за 1947 год. У 1950 годзе выйшла з друку другая аповесць Алены Васілевіч “Шляхі-дарогі”.      Пасля адзін за адным выходзяць зборнікі “Блізкія і знаёмыя”(1954), “Заўтра ў школу”(1956), “Сябры”(1958), “Апавяданні”(1959), “Падслухала сэрца”(1960) і іншыя. Асаблівасцю прозы Алены Васілевіч з’яўляецца яе аўтабіяграфічнасць.

Адным з самых буйных і яркіх твораў з’яўляецца тэтралогія “Пачакай, затрымайся…”. У яе ўвайшлі аповесці “Расці, Ганька”(1966), “Доля знойдзе цябе”(1968), “Новы свет”(1970), “Пачакай, затрымайся…”(1979). У 1994 годзе яна была дапоўнена новым раздзелам “…А праз месяц і дванаццаць дзён пачалася вайна”. Тэтралогія названа “галоўнай кнігай пісьменніцы” і стаіць у шэрагу лепшых аўтабіяграфічных твораў беларускай літаратуры.  Вобраз і лёс Ганькі – гэта вобраз і лёс самой пісьменніцы.

Засведчыла Алена Васілевіч і талент казачніцы: даўно любімым творам дзяцей стала яе казка “Калінавая рукавічка”, якая ўвайшла ў беларускую дзіцячую класіку. Пісьменніца пераклала на беларускую  мову аповесць М. Стэльмаха “Гусі-лебедзі ляцяць”(1975), раман Д. Дэфо “Дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза”(1976), аповесць Г. Башырава “Зялёная мая калыска”(1981) і іншыя.

У 70-гады выходзяць зборнікі апавяданняў “Адно імгненне”, “Мыс Добрай Надзеі”.  Васьмідзесятыя гады вызначаюцца зваротам да такіх жанраў, як эсэ, эцюд, замалёўка, роздум, успамін, літаратурны партрэт. Выйшлі ў свет зборнікі “Люблю, хвалююся – жыву”(1986), “Элегія”(1988).   У 2002 годзе выдана новая кніга пісьменніцы “Першая жонка нябожчыка”. У яе ўвайшлі апавяданні, напісаныя ў апошнія гады.

Алена Васілевіч узнагароджана Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета УССР, ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі. За тэтралогію “Пачакай, затрымайся…” у 1976 годзе ёй прысуджана Дзяржаўная  прэмія БССР.